КАНЦЭНТРАВА́НЫЯ КАРМЫ́, канцэнтраты,

кармы, якія маюць высокую колькасць пажыўных рэчываў. Да іх належаць зерне злакавых і бабовых культур, прадукты перапрацоўкі збожжавых і алейных культур, сушаныя адходы крухмальнай, цукр. і брадзільнай прам-сці, камбікармы, сухія жывёльныя кармы і інш. К.к. выкарыстоўваюць пры кармленні ўсіх відаў с.-г. жывёл, асабліва свіней і птушак. Паводле складу пажыўных рэчываў яны падзяляюцца на вугляводзістыя (багатыя крухмалам і цукрамі зерне злакаў, сушаныя коранеклубняплоды, кармавая патака, сухія жамерыны, мязга і інш.) і бялковыя (зерне бабовых, макуха, шрот, вотруб’е, мясная, мяса-касцявая, крывяная, рыбная мука і інш.). Колькасць ператраўнага пратэіну ў 1 кг вугляводзістых К.к. складае 70—80 г, бялковых — 180—350 г.

т. 8, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)